18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы. Улады актыўна запрашаюць людзей галасаваць, хаця нават не ўсе апазіцыйныя кандыдаты праводзяць актыўную перадвыбарчую кампанію. Праўладныя кандыдаты ў асноўнай сваёй масе наогул ніяк не кантактуюць з патэнцыйнымі выбаршчыкамі. Больш за тое, у інтэрв'ю незалежным журналістам звычайныя грамадзяне часта падкрэсліваюць, што не збіраюцца прыходзіць на выбары, бо альбо не вераць у іх празрыстасць, альбо нават не знаёмыя з кандыдатамі па сваёй акрузе. Па асобных навучальных установах рассылаюцца незаконныя дырэктывы пра датэрміновае галасаванне, куды зганяюць студэнтаў. Прынамсі, у Менску такія спісы атрымалі студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
На Аршаншчыне мясцовыя ўлады прыдумалі бюджэтны і ўсюдыісны крэатыў. На звычайным прынтары раздрукаваныя аркушы паперы з заклікам прыходзіць на выбары. Напрыклад,у краме ОРС на Заходняй напярэдадні павесілі раздрукаваныя аркушы жоўтай паперы з надпісам "Проголосуй, твой голос может стать решающим". А наступныя здымкі нашы карэспандэнты зрабілі ў Балбасава. На мясцовым Доме культуры на дзвярах балбасаўскай бібліятэкі № 10 павесілі некалькі аркушаў, якія складаюць надпіс "Выбрал. Пришел. Проголосовал".