Для чаго ўлады так актыўна заклікаюць людзей на датэрміновыя выбары? Адна з прычынаў пра якую даўно гавораць дэмакратычныя сілы - для таго, каб падмяніць бюлетэні выбаршчыкаў на бюлетэні з патрэбнымі адзнакамі. Справа ў тым, што ў адсутнасць сябраў камісіі і назіральнікаў скрыні застаюцца пад кантролем толькі дзяжурнага на ўчастку супрацоўніка міліцыі. І на папярэдніх выбарах былі выпадкі калі міліцыянты ў начны час адкрывалі пакоі дзе знаходзяцца скрыні для галасавання, або дапускалі туды сябраў камісіяў у час калі ўжо участкі не працавалі.
Для таго, каб пазбегнуць падазрэнняў у падмене бюлетэняў і падвысіць давер да выбараў у свой час на рэспубліканскім узроўні была дасягнута дамоўленасць, якая ўвайшла ў практыку - на абедзены перапынак і на ноч памяшканні ў якіх захоўваюцца скрыні для галасавання не толькі зачыняліся, але і апячатвалася. Для большай надзейнасці ў асобных выпадках на паперцы для апячатвання давалі распісвацца назіральнікам, або дадаткова аклейвалі яшчэ і скотчам ды інш. Але ў Оршы на гэтых выбарах практыка апячатвання памяшканняў знікла. На гэта назіральнікі ад дэмакратычных сілаў на некаторых участках (на гэтых выбарах дэмакраты не сталі накрываць назіраннем усе ўчасткі) звярнулі ўвагу яшчэ ў першы дзень датэрміновага галасавання. У адным з выпадкаў, калі назіральнік пайшоў на прынцып удалося дамагчыся апячатвання памяшкання на адзін раз, але поьым зноў апячатваць памяшканне перасталі, а ключ перадаваўся міліцыянту, які паводле выбарчага кодэксу не з'яўляецца суб'ектам выбарчага працэсу.
Як пазней высветлілі назіральнікі, гэта не проста не дапрацоўка - у камісіі паступілі вусныя загады не апячатваць памяшканні. Прычым, сябры камісіяў у некаторых выпадках прагаварыліся, хто аддаваў такі загад, называліся і прозвішчы адказных асобаў. У адным выпадку не апячатваць загадаў начальнік міліцыі. У іншых выпадках называўся начальнік арганізацыйна-кадравай работы выканкаму Віктар Калачоў, які таксама з'яўляецца сябрам раённай выбарчай камісіі.