На дадзены момант аршанскі "Вітэн" упаў на 4 радок табліцы, а адставанне клуба ад тройкі лідэраў складае ўжо цэлых 5 пунктаў. Гэта наступствы пэўнай функцыянальнай ямы, куды трапіла каманда ў апошні месяц. Аднак усё яшчэ наперадзе, да заканчэння чэмпіянату застаецца 9 матчаў, тэарэтычна аршанцы яшчэ могуць пазмагацца нават за золата. Але, каб рэальна глядзець на рэчы і заставацца ў прэтэндэнтах на ўзнагароды, неабходна перамагаць. А на шляху ва ўладальнікаў Кубка Беларусі стаіць "Барысаў-900".
8 сакавіка ў спартовым комплексе "Алімпіец" у Оршы "Вітэн" прыме барысаўскі клуб, сустрэча пачнецца а 15-й гадзіне. Барысаўская каманда цяпер знаходзіцца ў другой палове турнірнае табліцы і займае 11-е месца. На высокія месцы каманда з-за недахопу пунктаў не прэтэндуе, але змагаецца на пляцоўцы за свой прэстыж, што парой бывае не менш небяспечна, чым гульня з лідэрам.