Падыходзіць да заканчэння кругавы чэмпіянат Беларусі па міні-футболе, перад матчам у Гомелі аршанскаму «Вітэну» заставалася згуляць тры матчы. Затым пачнецца плэй-оф, дзе будзе выступаць і наш клуб, прымаючы ўдзел у барацьбе за медалі.
Матч з ВРЗ стаў баявым. Як і чакалася. Аршанцы ў гэтым матчы даганялі суперніка па ліку, ужо на 10-й хвіліне Чарнейка вывеў ВРЗ наперад,а на самым пачатку другой палове лік быў падвоены ўдарам Клачко. Але Цікурышвілі даволі хутка адказаў сваім голам, а на 31-й хвіліне лепшы бамбардзір «Вітэна» Дзядзічкін лік зраўняў. І ўсё ж ВРЗ змог перамагчы. Пераможны гол на 33-й хвіліне правёў Ганчароў.
Параза ад ВРЗ канчаткова паставіла крыж на спадзяваннях «энергетыкаў» заняць месца ў тройцы лепшых па выніках кругавога чэмпіянату.