Першы матч у сезоне на сваім полі павінен быў прайсці для аршанцаў супраць "Смаргоні" яшчэ 14 красавіка, аднак тады гульня была перанесена ў Смаргонь з-за негатовасці Гарадскога стадыёна да прыняцця гульняў. Таму "ўваход" поля ў сезон адбыўся ў самым канцы месяца матчам "Оршы" з пінскай "Хваляй". Дарэчы, менавіта з гэтым супернікам аршанцы пачыналі сезон год таму, але тады прайгралі, нават не забіўшы. Цяпер усё было зусім па-іншаму. Ужо на 6-й хвіліне выдатную камбінацыю сіня-белых дакладным ударам завяршыў Уладзіслаў Знак. Прычым для аршанскага капітана гэты гол стаў ужо 4-м у чэмпіянаце. Пагаворваюць, у гэтым сезоне атакуючы паўабаронца аршанцаў сур'ёзна мае намер пазмагацца за званне лепшага бамбардзіра Першай лігі.
На 41-й хвіліне голам вызначыўся Сяргей Русак. 2:0. Наогул, першы тайм апынуўся насычаным небяспечнымі момантамі, каманды ўсё больш адчуваюць сваю гульню і да 4-га туру ўжо пачынаюць разганяцца. Зрэшты, напады пінчукоў на вароты Гудзенкі так і засталіся безвыніковымі. Затое аршанцы забілі ўжо на самым старце другой паловы, вызначыўся Яўген Калінін, якога за яркую гульню ў матчы гледачы ўжо празвалі "аршанскім Салахам", намякаючы на яркага форварда зборнай Егіпта і англійскага "Ліверпуля". Перамога "Оршы" 3:0, больш чым пераканаўчая для першага хатняга матчу сіне-белых у чэмпіянаце.