Скончыўся рэгулярны чэмпіянат Беларусі па міні-футболе. Аршанскі “Вітэн” у заключным, 30-м туры сустракаўся са “Шчучынам”. Энергетыкі здабылі пераканаўчую перамогу 8:4. У аршанцаў 2 мячы на рахунку Цікурышвілі, таксама забівалі Клачко, Еўдакімаў, Кардоба, Гусакоў, адзін мяч у пустую браму забіў Дзядзічкін, а яшчэ аднойчы шчучынцы забілі ў сваю браму самі. За ўвесь матч “Вітэн” ні разу не прайграваў у ліку.
Перамога пакінула “Вітэн” на 4-й пазіцыі ў табліцы па выніках рэгулярнага першынства. Зрэшты, ёй і так нічога ўжо не пагражала. Цяпер наперадзе плэй-оф, які пачнецца зусім хутка. Супернікам аршанцаў па ¼ фіналу будзе магілёўскі “Фортэ”. Першая сустрэча адбудзецца 3 траўня ў Оршы, гульня ў адказ у Магілёве 7-га траўня.
Іншыя пары стартавага раўнду плэй-оф: ВРЗ – “Граніт”, “Лідсельмаш” – “Дарожнік”, “Сталіца” – БЧ. Серыі ідуць да дзвюх перамог. У выпадку патрэбы, трэція матчы серый пройдуць 10-га траўня.