Пра гэта паведамляе партал tut.by са спасылкай на неназваную крыніцу ў кіраўніцтве Аршанскага авіярамонтнага заводу. На гэтым самалёце кіраўнік Мотар Січ (уладальнік 60% акцыяў завода) Вячаслаў Багуслаеў прыляцеў у Балбасава на сход акцыянераў, а назад ён ужо паляцеў 27 красавіка рэйсавым самалётам. У артыкуле tut.by выказваецца здагадка, што самалёт узяты ў закладнікі, каб Багуслаеў дакладна вярнуўся на Беларусь - на наступным тыдні яго чакаюць у адміністрацыі прэзідэнта, каб абмеркаваць будучыню Аршанскага авіярамонтнага завода.
Падобна на тое, што ад Мотар Січ будуць патрабаваць перадачы 60% акцыяў у дзяржаўную маёмасць. Паводле інфармацыі той самай не названай крыніцы Багуслаеў не супраць аддаць завод назад дзяржаве. Тым больш, што апошнім часам украінскі бок мала ўдзельнічаў у кіраванні заводам.
Справа ў тым, што Багуслаеў разлічваў на кантракты па рамонце авіятэхнікі з Расіяй, але потым пачалася вайна на Ўсходзе Ўкраіны і кантракты заключыць было ўжо не магчыма. Ды і ва Ўкраіне ў Мотар Січ пачаліся праблемы - там пракуратура палічыла парушэннем закону продаж акцыяў аднаго са стратэгічных прадпрыемстваў, якое належала кампаніі Багуслаева. На мінулым тыдні, дарэчы, 56,5% акцыяў запарожскага прадпрыемства Мотар Січ былі замарожаныя рашэннем украінскага суда.