Матч у Магілёве з мясцовым “Фортэ” быў вельмі адказным. Пасля паразы па пенальці ў першай гульні на сваёй пляцоўцы “Вітэну” ўжо не было куды адступаць. Пройгрыш выбіваў аршанцаў з барацьбы за медалі. Матч у Магілёве пачаўся няўдала. Ужо на 4-й хвіліне злы геній аршанцаў у першым матчы Усц’янцаў забіў чарговы мяч у браму Мароза. Так і скончыўся першы тайм. А ў другім энергетыкі ўзялі крэйсерскую хуткасць і пачалі паспяхова біць па браме. Спачатку на 22-й хвіліне Чарніенка, потым Падалінскі, потым двойчы Дзядзічкін прымушалі брамніка “Фортэ” капітуляваць. Праўда, у эпізодзе з другім мячом брамнік магілёўцаў ні пры чым, бо ён быў зняты з гульні. Але гульня з брамнікам-ганялам не толькі не прынесла дывідэндаў гаспадарам, але і падвяла іх. Гол Жданава за хвіліну да канца сустрэчы нічым “Фортэ” дапамагчы ўжо не мог.
“Вітэн” перамагае 4:2 і зраўнівае лік у серыі да 1:1. Трэці і вырашальны матч серыі пройдзе 10-га траўня, у чацвер, у Оршы. Ён пачнецца ў “Алімпійцы” а 19-й гадзіне. Пераможца выходзіць у паўфінал, дзе яго чакае гомельскі ВРЗ.