Працягваецца чэмпіянат Беларусі па міні-футболе. Наш сайт паведамляў пра ўсе гульні «Вітэна» ў плэй-оф, пасля абмену вікторыямі з магілёўскім «Фортэ» матч на аршанскім «Алімпійцы» павінен быў вызначыць паўфіналіста ад гэтай пары. Аршанцы пачалі матч вельмі актыўна, і ўжо на 2-й хвіліне Кардоба адкрыў лік. На 9-й магілёвец Загузаў забіў штрафны ўдар і зраўняў лік. Аднак за хвіліну да канца першага тайму Кардоба выкарыстаў перадачу Дзядзічкіна і зноў вывеў «энергетыкаў» наперад. Як акажацца потым – канчаткова.
У другім тайме быў вадаспад галоў. Свой другі мяч у матчы «Фортэ» забіў толькі на апошніх секундах, а да таго адзначыліся двойчы Козел, Гусакоў, Дзядзічкін і Кардоба. Канчатковы лік 7:2. У «Фортэ» не хапіла сілаў змагацца з «Вітэнам», і аршанцы крочаць у паўфінал, амаль забяспечваючы сабе медалі.
У паўфінале супернікам «Вітэна» будзе гомельскі ВРЗ, першая сустрэча ў Гомелі 14 траўня, у панядзелак. Гульню прыме спартовы комплекс «Лакаматыў», пачатак а 17-й гадзіне. Паўфінальная серыя таксама будзе да 2-х перамог адной з каманд.