Паўфінальнае супрацьстаянне з гомельскім клубам ВРЗ, на жаль, скончылася для аршанцаў фіяска. У абодвух матчах «Вітэн» саступіў і ў фінал прайшоў ВРЗ, які там аспрэчыць залатыя медалі з «Лідсельмашам». Аршанцы пасля паразы ў Гомелі 1:4 мелі хатні паядынак з апанентам. Ужо на 6-й хвіліне Ганчароў вывеў гасцей наперад, але на 16-й спрацавала звязка Чарніенка – Цікурышвілі, і грузін зраўняў лік. А павесці гаспадары так і не змаглі. На 27-й Рагачоў і на 34-й Сялюк двойчы прабілі Мароза. На 37-й Цікурышвілі аформіў дубль, галявы пас яму аддаваў Д.Клачко. А Я.Клачко праз некалькі секунд зрабіў лік 4:2 на карысць гамельчукоў, фактычна падвёўшы рысу пад супрацьстаяннем.
Але на гэтым адметныя падзеі яшчэ не скончыліся. На 38-й Д.Клачко з перадачы Цікурышвілі зрабіў лік 3:4 і неўзабаве «Вітэн» атрымаў цудоўны шанец зраўняць лік і перавесці матч у овертайм. Але брамнік ВРЗ Кудзі не даў Цікурышвілі аформіць хет-трык і парыраваў стрэл з «кропкі». Драма для Оршы! На апошніх секундах ужо госці атрымалі права павялічыць перавагу з 10-метровага, але Рагачоў прабіў міма. У выніку параза «Вітэна» 3:4 і ў серыі 0-2.
Цяпер аршанцы пазмагаюцца са «Сталіцай» за бронзавыя ўзнагароды. Надзеі аформіць «залаты дубль», узяўшы ў адным сезоне Кубак і чэмпіянат, не апраўдаліся.