Футбалісты «Оршы» ў 7-м туры гулялі гасцявы матч з жыткавіцкім клубам ЮАС. Каманда, якую два гады таму «Орша» разграміла ў Кубку краіны 7:0. З таго часу шмат змянілася, каманда Жыткавічаў сур“ёзна ўмацавала свой склад, і ўсё ж менавіта аршанцы лічыліся фаварытамі супрацьстаяння. Аднак усё ад пачатку пайшло паводле плану ЮАСа на гульню. На 26-й хвіліне стараннасць «шэршняў» была ўзнагароджаная голам, які правёў Новік. «Орша» адказала голам Барадзіна на 40-й хвіліне, але бляклая гульня ў атацы наўрад ці магла забяспечыць нешта большае. У другой палове сустрэчы сіня-белыя мелі некалькі магчымасцяў выйсці наперад, самую верную ўпусціў Уладзіслаў Знак, удар якога з самай лініі вынес абаронца каманды гаспадароў.
Але каманда Жыткавічаў атакавала больш востра і на 85-й хвіліне памыліўся на выхадзе брамнік «Оршы» Вячаслаў Камінскі. Ён не дастаў рукамі да верхавога мяча, і Валкарэзаў прынёс ЮАСу перамогу 2:1.
«Орша» пацярпела трэцюю запар паразу і апусцілася на 8-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату. А ўжо ў бліжэйшую суботу аршанцам на сваім полі ў абласным дэрбі прымаць наваполацкі «Нафтан».