У 8-м туры Першай лігі беларускага футбольнага чэмпіянату «Орша» сустрэнецца з наваполацкім «Нафтанам». «Нафтан», нягледзячы на два заваяваныя ў апошнія гады Кубкі Беларусі і выступ у еўракубках, нярэдка балансаваў у чэмпіянаце на мяжы вылету. І ўрэшце вылецеў упершыню за многія сезоны. Пачатак Першай лігі для навапалачанаў не пайшоў, у шасці праведзеных на дадзены момант матчах «Нафтан» набраў усяго шэсць пунктаў. «Орша» пачала сезон удала, з“явіліся нават нясмелыя галасы пра магчымую барацьбу аршанцаў за месца ў Найвышэйшай лізе, аднак неўзабаве сіня-белыя пачалі рэзка здаваць. Каманда прайграла ўжо тры матчы запар і ідзе на восьмым месцы, апярэджваючы «Нафтан» на чатыры радкі і на тры пункты.
Раней у афіцыйных матчах «Орша» з «Нафтанам» не сустракаліся. Сустрэчу прыме Гарадскі стадыён Оршы, 27-га траўня. Гульня пачнецца а 17:00.