Футбалісты «Оршы» прайгралі 4 матчы запар, а цяпер каманду чакае спатканне з бабруйскай «Белшынай», у якой сіня-белыя ніколі не выйгравалі ў гісторыі незалежнай Беларусі. У 5 матчах была 1 нічыя і 4 паразы ад бабруйчан. І цяпер «Белшына» лічыцца яўным фаварытам. Яна мае 16 пунктаў і толькі на адзін бал адстае ад менскага «Энергетыка-БДУ». «Орша» ж мае 9 пунктаў і займае 11-ты радок, ды і правяла на матч болей за суперніка.
Але не забываем пра матывацыю галоўнага трэнера аршанцаў. Акрамя каманды, якая павінна выправіцца перад заўзятарамі за чатыры запар пройгрышы, трэнер аршанцаў Вячаслаў Акшаеў прыедзе ў горад, дзе дабіўся найвялікшага поспеху ў сваёй кар“еры. З «Белшынай» ён заваёўваў залатыя медалі чэмпіянату Беларусі і Кубак краіны. Пасля прызначэння Акшаева галоўным трэнерам у «Оршу» многія аматары футбола сталі прыгадваць часы «Белшыны»-2001 і казаць пра тое, што ён быў моцным трэнерам, але ўжо ў мінулым. Цяперашні матч з «Белшынай», які пройдзе 2-га чэрвеня а 17:00 на бабруйскім стадыёне «Спартак», — выдатная магчымасць для Вячаслава Акшаева паказаць, што ён моцны трэнер і цяпер.