Матч 9-га туру аршанцы праводзілі ў Бабруйску супраць мясцовай «Белшыны». Сіня-белым удалося забіць хуткі мяч, ужо на 3-й хвіліне вызначыўся Барадзін. Аднак утрымаць перавагу ці развіць яе не ўдалося. Падапечныя Вячаслава Акшаева адышлі ў абарону, але беспаспяхова. Абаронцы каманды пастаянна давалі суперніку наносіць удары, і адзін з такіх прынёс бабруйчанам поспех – Леанід Ханкевіч на 39-й хвіліне аднавіў статус-кво. Вячаслаў Камінскі не ўтрымаў нескладаны мяч, замітусіліся абаронцы, і Ханкевіч скарыстаўся гэтым. У другой палове ён жа на 51-й хвіліне зрабіў лік 2:1. І ў гэтым эпізодзе няўпэўнена згуляў брамнік «Оршы» Камінскі.
Матч мог скончыцца саліднай перавагай «Белшыны», аднак гаспадары поля ўпусцілі масу выгодных момантаў. «Орша» па сутнасці браме суперніка не пагражала.
Пасля 9 згуляных матчаў сіня-белыя маюць толькі 9 пунктаў і займаюць 11-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы.