Абласны суд 27 чэрвеня разгледзеў касацыйную скаргу Рамана Кузьмянкова, які арганізаваў два адзіночных пікеты з маленькім плакатам "По 500 тут нет". Сам Раман не змог прысутнічаць у абласным судзе - у гэты дзень ён быў запісаны на прыём да мэра Оршы. Праўда, сустрэча з Аляксандрам Пазьняком прайшла вельмі каротка і безвынікова.
Затое суд некалькі змяніў пастанову суда Аршанскага. Прысуд у выглядзе штрафу не змяніўся аніяк - Раман так і застаўся вінным дзяржаве 22 базавыя велічыні. Па іншаму абласны суд паставіўся да самога плаката "По 500 тут нет". Калі Аршанскі суд пастанавіў канфіскаваць плакат, то суддзя абласнога ўзроўню Ірына Смалякова пастанавіла знішчыць плакат - паведамляе сайт "Віцебская Вясна".