Такі зыход Першай лігі чэмпіянату Беларусі (да 16 гадоў) наўрад ці хто прагназаваў перад пачаткам сезону. «Орша» даволі паспяхова правяла кругавы чэмпіянат, саступіўшы ў падгрупе «Б» толькі «Смалявічам». У падгрупе «А» першынствавала «Маладзечна», а другой стала пінская «Хваля». У паўфіналах першыя месцы гулялі з другімі, і ў абодвух выпадках сваю перавагу даказалі каманды, якія фінішавалі толькі другімі. «Хваля» выбіла з барацьбы «Смалявічы», а «Орша» перамагла «Маладзечна».
У першым матчы на сваім полі «Орша» не змагла перагуляць маладзечанцаў, нічыя 1:1, гол у аршанцаў забіў Назар Салаўёў. У матчы ў адказ, ужо ў Маладзечне, была зноў нічыя 1:1, на гэты раз за сіня-белых забіў іншы Мікіта — Воўчанка. У серыі пенальці мацней былі аршанцы 4:3, у выніку наша каманда патрапіла ў фінал.
Вырашальны паядынак з «Хваляй» праходзіў пераважна пад акампанемент дажджу ў Менску. На 23-й хвіліне Назар Салаўёў прабіў моцна, але крыху недакладна, гэта быў першы галявы момант аршанцаў у матчы, які ў цэлым не быў шчодрым на галявыя эпізоды. Усё вырашыў адзіны мяч, забіты на 40-й хвіліне, апошняй у першым тайме (юнакі да 16 гадоў гуляюць з кантролем часу 2 таймы па 40 хвілін). Абаронца каманды Арцём Трубчанка прарваўся па левым флангу і выдаў перадачу ў цэнтр, гулец «Хвалі» зрэзаў мяч, і той трапіў да Салаўёва, які моцным ударам закалаціў яго ў сетку. Ёсць лік 1:0!
У другім тайме аршанцы гулялі ад абароны, пінчукі ж намагаліся згуляць з пазіцыі сілы. Аднак гэта не надта выйшла, у супернікаў было не болей за два моманты, каб зраўняць лік. Фінальны свісток абвясціў чэмпіёнам «Оршу», а Назар Салаўёў з 17 мячамі стаў лепшым бамбардзірам турніру.
У фінале «Орша» гуляла ў такім складзе: 1. Эдуард Дунін, 2. Ягор Краўчанка, 3. Арцём Трубчанка, 7. Ілля Андрэйчанка, 9. Дзяніс Гарчакоў (5. Мікіта Цюніс, 37), 10. Назар Салаўёў (14. Ігар Данілаў, 80+1), 12. Мікіта Рыбкін, 13. Ілля Шульгін, 15. Мікіта Воўчанка (к), 17. Іван Гумінскі (22. Ян Камароў, 64; 4. Арцём Жураўкоў, 74), 19. Артур Грышчанка.
Трэнеры каманды Аляксандр Ладзяны і Дзмітрый Суздальцаў.
Фота orshafans2.livejournal.com
У інтэрнэце з'явіўся і поўны відэазапіс фінальнага матчу "Оршы" і "Хвалі".
Рэдакцыя orsha.eu шчыра віншуе чэмпіёнаў Першай лігі, каманду «Орша» (2002-2003 гадоў нараджэння)! Верым, што гэта толькі пачатак слаўнай кар`еры шэрагу аршанскіх футбалістаў.