Матчам са “Славіяй” аршанцы завершаць праграму першага кругу. Кругу, які не назваць надта ўдалым для “сіня-белых”. У аршанцаў 5 перамог пры 8 паразах, пры гэтым “Орша” пакуль так і не гуляла ўнічыю. “Славія” перамагла ў 10 матчах і 3 звяла ўнічыю. У намерах “чырвона-чорных” вярнуцца за год у Найвышэйшую лігу не даводзіцца сумнявацца. Яшчэ не скончыўся першы круг, а “Славія” ўжо мае 18-ачковую перавагу над “Оршай”, гэта больш, чым аршанцы набралі за ўвесь чэмпіянат! Акрамя таго, у “Оршы” разам з пінскай “Хваляй” другая горшай абарона Першай лігі, прапушчана ўжо 23 мячы. Больш прапускае толькі абсалютны аўтсайдэр “Чысць”, якая ні разу не выйграла і мае ў пасіве 39 прапушчаных галоў (у тым ліку 5 ад “Оршы”).
Са “Славіяй” аршанцы доўга не сустракаліся, пакуль нарэшце шляхі каманд не скрыжаваліся ў Оршы ў 1/16 фіналу Кубка Беларусі ў 2017 годзе. Тады асноўны і дадатковы час скончыліся з лікам 1:1, а ў серыі пенальці “Орша” перамагла “Славію”. Цікава, што пры гэтым за некалькі гадоў да гэтага “Славія” такім жа спосабам і ў гэтым жа турніры выбіла “Оршу” з барацьбы.
Матч “Орша” — “Славія” пройдзе 14 ліпеня на Гарадскім стадыёне Оршы. Пачатак а 15:00.