У сталіцы Нямеччыны Берліне працягваецца чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы. Ён прынёс неверагодны поспех Эльвіры Герман, якая выйграла золата на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі. У гэтай самай дысцыпліне выступала і аршанка Аліна Талай. Перад фінальным забегам, у які Аліна прабілася з пасрэдным вынікам 12,96, здавалася, што абсалютна рэальна ўбачыць дзвюх прадстаўніц Беларусі на п’едэстале. Але, на жаль, не атрымалася. На восьмым бар’еры адна з беларусак, і гэта была Аліна Талай, сышла з дыстанцыі. На стане спрынтаркі адбілася траўма, дыстанцыю яна так і не скончыла. А Эльвіра з паказчыкам 12,67 стала чэмпіёнкай Еўропы! Другой была Памела Дуткевіч з Нямеччыны (12,72), а замкнула тройку яе суайчынніца Сіндзі Роледэр (12,77).
Віталь Парахонька ў бегу на 110 метраў з бар’ерамі ў мужчын не змог прайсці ў фінал. У сваім паўфінальным забегу аршанец з часам 13,69 стаў перадапошнім, 7-м. Выніковае 20-е месца ў паўфіналах, і Парахонька апынуўся вельмі далёка ад размеркавання медалёў.