Войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага 8 верасня 1514 года разбілі пад Оршай маскоўскіх інтэрвентаў. Гэта была вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім, праваслаўным гетманам. Пачынальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі бачылі ў ёй лепшы доказ гістарычнай нятоеснасці беларусаў і вялікарусаў. А для гісторыкаў расейскіх, наадварот, яна была ці не самай «нязручнай» падзеяй, што ніяк не ўпісвалася ў канцэпцыю «адзінага славянарасійскага народу».
Для трубадураў «Вялікай Расіі» агрэсія Масквы супраць Вялікага Княства была справядлівай барацьбой за «ўз’яднанне» зямель Русі ў адной дзяржаве. Але акурат Аршанская бітва і бурыць падобны тэзіс пра праваслаўе як падставу таго «адзінства» ды справядлівы характар войнаў «за ўз’яднанне».
У ХVІ ст. для нашых продкаў было натуральным не толькі помніць пра перамогу пад Оршай, але і ганарыцца ёю.
Вялікая перамога на рацэ Крапіўне пад Оршай і дагэтуль лічыцца адным з найяскравейшых вайсковых подзвігаў беларускага войска. Рэдакцыя orsha.eu сардэчна віншуе ўсіх з вялікім святам!