Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала фота- і відэаматэрыял па затрыманні дваіх аршанцаў і расейца, якіх падазраюць у незаконнай перавозцы праз мяжу в'етнамскіх нелегалаў. У ноч на 9 верасня праваахоўнікі затрымалі арганізатараў і чатырох незаконных мігрантаў на 127-м км аўтадарогі Менск — Ашмяны — мяжа Літвы.
Ашмянскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 371-1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі). Вырашаецца пытанне аб арышце арганізатараў нелегальнага бізнесу. У дачыненні да в'етнамцаў пачаты адміністрацыйны працэс у парадку арт. 23.55 КоАП (парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства).