Сёлета стаў вядомы спіс баевікоў, якія ваявалі ў прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнера" за расейскія інтарэсы на баку так званых ДНР і ЛНР. База "Миротворець”, якую вядуць спецслужбы Украіны, апублікавала спіс беларусаў, якія належалі да ПВК "Вагнера", якая кіруецца Дзмітрыем Уткіным. Мае дачыненне да арганізацыі і давераная асоба Пуціна Яўгеній Прыгожын. У гэтым падраздзяленні ваявалі беларусы Аляксандр Ступніцкі, Сяргей Сазанаў, Канстанцін Гірс, Вадзім Юшкевіч, Эдвард Давыдаў, Руслан Бабінін. Зараз сталі вядомыя імёны астатніх беларусаў.
Андрэй Бакуновіч, 40 гадоў. Камандзір групы снайпераў у «ПВК Вагнэра», мае грамадзянства і Беларусі, і РФ;
Сяргей Кузняцоў, 44 гады. Разведчык 1-га аддзялення 2-га выведвальна-штурмавога ўзводу 1-й выведвальна-штурмавой роты;
Уладзімір Курыненка, 42 гады. Камандзір 1-га ўзвода 3-й выведвальна-штурмавой роты;
Вадзім Аляксандравіч Васілеўскі, 34 гады. Пазыўны «Мядзведзь». Загінуў 3 ліпеня 2015 года каля сяла Раёўка Луганскай вобласці;
Вадзім Кліменцьевіч Васілеўскі, 44 гады. Пазыўны «Маршал». Загінуў 31 жніўня 2014 года падчас баёў у Луганскім аэрапорце. Меў грамадзянства і Беларусі, і РФ.
Аршанец Аляксандр Ступніцкі, дата нараджэння 27 верасня 1989 года, застаўся ў жывых пасля ўсіх баявых дзеянняў. Ці працягвае ваяваць - невядома. Але яшчэ ўлетку баявік спакойна наведваў Беларусь і не выклікаў нікіх пытанняў з боку спецслужбаў. Аляксандр Ступніцкі пражываў разам з жонкаю Анастасіяй (ураджэнкаю Данецку) у Оршы, на вуліцы 1-й Маладзёжнай, прынамсі да канца ліпеня, піша Белсат. Пра гэта журналістам распавяла суседка Ступніцкіх. Паводле яе, маладая пара жыла там не менш за год, праблемаў з праваахоўнымі органамі не мела. Суседка не ведае, ці быў Аляксандр на Данбасе, але чула, што некалькі гадоў таму ён з’язджаў за мяжу «па працы».
Аляксандр і Анастасія Ступніцкія. Фота – VK
Пад’езд дому ў Воршы, дзе да нядаўняга часу жыў Аляксандр Ступніцкі з жонкаю
Пасля публікацыі дакладу СБУ Ступніцкія паехалі адпачываць у Крым і дагэтуль не вярнуліся. Мяркуючы па акаўнту жонкі – цяпер яна ў Данецку разам з сынам. Дзе Аляксандр – невядома.
Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў «ПВК Вагнэра» – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых. Нават не гледзячы на маральны бок справы, у Беларусі ў крымінальным кодэксе ёсць артыкул за наёмніцтва, аднак большасць з тых, хто ваяваў на баку прарасейскіх сепаратыстаў, ніяк не пераследуецца і спакойна прыязджае ў Беларусь.