Футбалісты "Оршы" ў мінулым туры скончылі сваю сумную серыю з 10 матчаў без перамог. Прычым перарвалася яна на матчы, у якім, як здавалася, шанцаў у сіня-белых няма ніякіх. Аршанцы нечакана перамаглі дома аднаго з лідэраў — "Белшыну" 2:1. Цяпер, у 25-м туры "Орша" адправілася ў госці да "Ліды", з якой матчы традыцыйна праходзяць цяжка. За 15 матчаў у найноўшай гісторыі з гэтым супернікам "Орша" выйграла толькі 2. Матч першага круга з гэтай камандай завяршыўся крыўднай паразай. На сваім полі сіня-белыя прапусцілі мяч на 90-й хвіліне, і ў выніку "Ліда" з'ехала дамоў з 3 пунктамі.
У турнірнай табліцы лідзяне значна вышэй за аршанцаў, і таму іх безапеляцыйна можна назваць фаварытамі матчу. Паядынак пройдзе на лідскім стадыёне "Юнацтва" 6-га кастрычніка і пачнецца а 14-й гадзіне.