Для таго, каб распавесці што цікавага ў аршанскім бюджэце і ўвогуле распавесці як у Беларусі працуе сфера дзяржаўных фінансаў у Оршу прыехаў Уладзімір Кавалкін. Ён стваральнік двух інтэрнэт-праэктаў. Першы з іх petitions.by - гэта магчымасць збіраць подпісы пад сацыяльна важнымі пытаннямі праз электронную форму, якая прымальная для беларускіх чыноўнікаў. Другі праэкт "Кошт ураду" - гэта супольнасць экспертаў, якія аналізуюць дзяржаўныя фінансы краіны.
Час ад часу даводзіцца чуць: "Дзяржава за вас плоціць!", "Дзяржава, вам дае!". Насамрэч, нічога дзяржава не "плоціць" і не "дае". Дзяржава пераразмяркоўвае нашыя грошы, якія мы плоцім у выглядзе падаткаў. Таму так важна разумець куды ідуць тыя грошы, бо гэта грошы кожнага з нас.
Уладзімір Кавалкін на сустрэчы з аршанцамі сканцэнтраваўся на рэгіянальных бюджэтах. З трох узроўняў рэгіянальных бюджэтаў (абласны, раённы і сельсаветаў) рэальныя грошы ёсць толькі ў раёне і вобласці. Пры гэтым, усе абласныя бюджэты з'яўляюцца датацыйнымі і дататкова атрымліваюць грошы з рэспубліканскага бюджэту, бо сваіх ім не хапае. Выключэнне - Мінскі гарадскі бюджэт, які прыроўнены да абласных.
Раённыя бюджэты таксама пераважна атрымліваюць датацыі і іх сярэдні памер па ўсіх райвыканкамах - каля 40%. Не выключэнне і Аршанскі раён.
Дарэчы, пасля аб'яднання горада і раёна памер гэтых датацыяў на Оршу зменьшыўся. Зменьшыўся і сам бюджэт за апошнія 7 гадоў. Калі ў 2010 супольны бюджэт горада і раёна складаў 86,8 мільёнаў даляраў па курсе таго часу, то ў 2017 - 74,3 мільёны. У 2017 годзе датацыяў раён атрымаў 32% ад свайго бюджэту. Эксперты "Кошту ўраду" адзначылі яшчэ шэраг цікавых асаблівасцяў бюджэту нашага раёна. Так, раён атрымлівае дывідэнты ад акцыяў некаторых прадпрыемстваў з 2010 па 2017 год даход ад акцыяў вырас у 12 разоў.
Цікава паглядзець на бюджэт 2015-2016 года, калі па ўсёй краіне адчуваўся крызіс, які паўплываў на мясцовыя бюджэты, то ў Аршанскім раёне збор падаходнага падатку вырас на 27%. Падатак на прыбытак у 2016 быў сабраны ў 23 мільёны рублёў, пры тым, што за год да таго ўсяго 670 тысяч. І ўвогуле з 2010 года больш за 2 мільёны ён ніколі не быў. А ў 2017 годзе гэты падатак упаў аж да 4 мільёнаў. Таксама ў 2016 у параўнанні з папярэднім годам значна змяніўся даход ад здачы ў арэнду зямельных участкаў - ён упаў адразу ў 10 разоў.
Значна вырас збор падаткаў з гульнявога бізнэса. З 2010 па 2017 год ён вырас у 14 разоў.