Менавіта ў вёсцы Абольцы Талачынскага раёну ў 1387 годзе князь Ягайла пабудаваў першы касцёл ва Ўсходняй Беларусі, магчыма, і ўвогуле ў Беларусі. Гэта адбылося пасля яго жаніцьбы на польскай каралеве. Па ўмовах той жаніцьбы, Ягайла мусіў паспрыяць распаўсюду каталіцызму на Беларускіх землях, якія тады пераважна былі яшчэ язычніцкімі, хаця ўжо мелі праваслаўных прапаведнікаў і храмы.
Сам будынак першага касцёла не захаваўся. Ён быў драўляным і за час свайго існавання не аднаразова згараў. Апошні раз ён быў знішчаны ўжо пры савецкай ўладзе, а на яго месцы была пабудавана Аболецкая бальніца. Сама бальніца, дарэчы, і будавалася з парэшткаў касцёлу ды надмагільных плітаў касцёльных могілак. І сёння ў двары бальніцы можна заўважыць рэшткі тых могілак.
Па ініцыятыве мясцовых жыхароў у верасні на месцы касцёла з'явіўся валун з памятнай шыльдай, якая распавядае пра існаванне тут "аднаго з першых касцёлаў на тэрыторыі Беларусі". Сёння ў Абольцах дзейнічае праваслаўны храм, але маецца і супольнасць каталікоў, якія, праўда, некалькі год безпаспяхова спрабуюць зарэгістраваць сваю парафію.