Стары парк, які дубровенцы называюць Ліпкі быў закладзены мясцовым памешчыкам яшчэ да рэвалюцыі. Парк знаходзіцца блізка да цэнтра, але наводдаль ад галоўнай вуліцы, магчыма таму, на Ліпкі мала звярталі ўвагі і ён пераўтварыўся ў зарослую хмызняком і не надта прывабную прастору.
Ідэя аднавіць парк для паўнавартаснага адпачынку жыхароў лунала даўно. На некаторы час гэтым, нават, заняўся мясцовы Ільнозавод. Але парк, аказалася, патрэбны не толькі кіраўніцтву ды чыноўнікам. Справа аднаўлення парку найбольш цікавіла саміх жыхароў Дуброўна. Таму да справы далучылася і мясцовая грамадская ініцыятыва "Дубрава". Але і чыноўнікі не сталі адыходзіць ад справы добраўпарадкавання. У выніку атрымалася выдатнае спалучэнне ініцыятывы і магчымасцяў.
З дапамогай фонда імя Льва Сапегі актывісты знайшлі сродкі на закупку матэр'ялаў, мясцовыя камунальшчыкі змаглі прадставіць спецыялістаў будаўнічых спецыяльнасцяў. Заставалася справа толькі за тымі хто будзе выконваць самі працы. І тут далучыліся мясцовыя жыхары, якія некалькі разоў выходзілі на добраахвотныя суботнікі. Першыя суботнікі, канешне, былі не масавыя, але з кожным разам людзей выходзіла больш.
У выніку, у суботу адбылося афіцыйнае адкрыццё адноўленага парку Ліпкі. Прапануем вашай увазе фотарэпартаж са спартовага свята, якое і стала адкрыццём Ліпак.