Будаўніцтва новага жылога мікрараёна было закладзена генеральным планам Оршы, які павінен быць прыняты ў гэтым годзе. Пад час абмеркавання генеральнага план новы мікрараён стаў адным з тых пунктаў, пра які выканкам атрымаў найбольш заўвагаў. У адмысловых заявах людзі выказаваліся пра тое, што новы мікрараён разбурыць рэкрэацыйную зону, якая сёння ўтварыліся на берагах Шчацінкаўскага возера (Кар'ер) і ракі Адроў. А дарога (яе сёняшняя рабочая назва Праэктуемая №1), якая пройдзе ўздоўж новага мікрараёна з цягам часу будзе падмыта возерам, якое працягвае расці ў бок Адрова. Таксама прапаноўвалася правесці новую дарогу каля Татарска, або ўвогуле правесці яе па лініі Заходняя-Дачная-Татарск-Барань. Але гэтыя прапановы выканкамам былі адкінутыя і 8 лістапада ў Бараньскім выканкаме прайшла прэзентацыя дэтальнага плана новага мікрараёна.
Распрацоўшчыкі з Віцебска распавялі, што гэта будзе раён элітнай прыватнай забудовы на 156 участкаў і ў тэорыі ён павінен з'явіцца да 2025 года. Дарога, якая павінна прайсці паміж Кар'ерам і Адровам будзе аж чатырохпалосная з падзяляльнай паласой, пешаходнымі зонамі і роварнай дарожкай. Хаця на прэзентацыі было не шмат людзей, давялося пачуць на мерапрыемстве крытычныя водгукі пра тое, што гэты раён тут не патрэбны, а дарогу лепш правесці ў іншым месцы. Была паднятая праблема пашырэння Шчацінкаўскага возера на што праэкціроўшчыкі адзначылі, што пра гэтым ўчасткам дарогі яны не займаліся - гэта будзе ў асобным дэталёвым плане. Паднялі мясцовыя жыхары і праблему захавання ўнікальных ландшафтаў Адрова з зялёнымі насаджэннямі, у прыватнасці, з бярозавым гаем на беразе Адрова. Бярозы будуць высечаны і зялёная зона скароціцца, але будзе дастатковай для жыцця і, нават, вышэй за нормы, а ландшафт інстытут пастараўся максімальна захаваць.
Такім чынам, атрымліваецца, што хаця генплан яшчэ не зацверджаны райсаветам, але пытанне па новым мікрараёне ўжо вырашана і адмяніць яго будаўніцтва цяпер па-сутнасці не магчыма. А ў рамках грамадскага абмеркавання можна ўнесці ў забудову мікрараёна толькі некаторыя дробныя змены.