У Багушэўску працягваецца канфлікт у сувязі з магчымай зменай статусу мясцовых медычных установаў. Жыхары мястэчка вядуць перапіску з высокімі чыноўнікамі, збіраюць подпісы як у сеціве, так і ў жывую. Нагадаем, што мясцовую паліклініку чыноўнікі плануць перарабіць у амбулаторыю, а бальніцу ў бальніцу сестрынскага дагляду. Таксама з мястэчка павінна сыйсці машына хуткай дапамогі, якая абслугоўвала менавіта гэтую частку Сенненскага раёну. Прычыны такіх зменаў відавочныя: эканомія. Так, па сацыяльных нормах, на ўвесь раён павінна быць толькі дзве машыны хуткай дапамогі па колькасці насельніцтва, але геаграфічна раён вельмі вялікі, і для якаснага абслугоўвання насельніцтва не хапае і трох машынаў.
На гэтым фоне ў мястэчку здарылася трагедыя, якая падкрэслівае недахоп машынаў хуткай. Здарылася трагедыя ў лістападзе, калі збор подпісаў ішоў на ўсю моц. Юрый - як распавядаюць знаёмыя - міліцыянт на пенсіі жыў у Багушэўску разам з жонка і ў той дзень адчуў сябе кепска. Жонка выклікала службу 103, але тая доўга-доўга не ехала - машына была на выкліку. Стан мужчыны пагаршаўся і жанка папрасіла прыйсці мясцовую медсястру. Наколькі змагла медсястра аказала дапамогу мужчыне, але яе было не дастаткова - яго трэба было завесці ў бальніцу. Але хуткая так і не ехала. Чакаць ужо было страшна і тады жонка Юрыя пайшла да суседзяў прасіць дапамогі з машынай. На прыватнай машыне яны паехалі ў раённую бальніцу ў Сянне - шлях для багушэўцаў таксама не блізкі. Магчыма, што калі б Юрыю своечасова аказалі дапамогу ён бы пасля лячэння і вярнуўся б дамоў, але ў бальніцы мужчына памёр.
Мясцовыя гавораць, што гэта не першы выпадак калі хуткая дапамога ў Багушэўск не паспявае даехаць своечасова з-за вялікай геаграфіі раёна.