Справа распачалася яшчэ летам 2018 года. Некалькі работнікаў прадпрыемства звярнуліся ў Дубровенскі выканкам са скаргай на былога кіраўніка мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Абвінавачвалі яго ва ўсіх магчымых парушэннях: пачынаючы ад не рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, сканчаючы збіццём аднаго з падначаленых. Прадпрыемства ў гэты час рэарганізоўвалі (аб'ядноўвалі) і былога кіраўніка мусілі пакінуць на пасадзе намесніка, што ў прынцыпе азначала б тыя ж паўнамоцтвы, што і ранейшая пасада кіраўніка.
Заяву да разгляду прыняў мясцовы камітэт Дзяржкантролю. Як праводзілася праверка па пералічаных фактах, людзі не ведаюць - па словах заяўнікаў да іх правяраючыя не прыходзілі. Пры гэтым, кантралёры не выявілі пералічаных у скарзе фактаў парушэнняў. Гэта дало повад кіраўніку падаць у суд за паклёп. Агулам прайшло тры судовых паседжанні, адно з якіх праходзіла ў выяздным фармаце ў самой вёсцы куды прыйшлі людзі, якія самі казалі, што былі сведкамі парушэнняў з боку начальства. Яны яшчэ раз пералічылі некаторыя факты, якія пры праверцы не выявіў Дзяржкантроль.
У выніку суд не пакараў скаржнікаў "за не даказанасцю". Атрымаўся цікавы юрыдычны прэцэндэнт: з аднаго боку фактаў парушэнняў з боку кіраўніка гаспадаркі не выявіў Дзяржкантроль, з іншага боку фактаў паклёпу па тых жа пунктах не выявіў суд.