У прыватнасці, знакаміты млын Цітова зазнаў новых рабункаў, унутры з'явілася больш паламанага і выкрадзенага, хаця ў лісце да грамадскіх актывістаў, якія звярталіся ў Аршанскі райвыканкам з гэтай нагоды, чыноўнікі абяцалі закансерваваць млын да 30 жніўня. Таксама ў лісце было абяцанне зрабіць масткі, у прыватнасці, да руінаў знакамітага замка Белы Ковель.
Таксама актывісты прасілі зрабіць зручныя падыходы на мясцовыя могілкі, на якіх, напрыклад, пахаваныя беларускія дзеячы Тамаш Зан і Міхал Чарноцкі. Акрамя таго, тэмпературны рэжым, абраны для Спаса-Прэабражэнскай царквы, ставіць пад пагрозу захаванне ўнікальных фрэсак пад купалам будынка. Аднак ніякі з пунктаў у лісце не быў выкананы. Гэта зафіксавалі на фота і відэа актывісты.
Перад Новым годам, а менавіта 27-га снежня актывістам паступіў яшчэ адзін ліст, у якім заяўлена, што кансервацыя ўнікальнага млына зроблена і вольны доступ туды марадзёрам цяпер немагчымы. Астатнія пункты патрабаванняў актывістаў абяцаюць выканаць цягам 2019 года. Адзін з момантаў — выпуск сувеніраў пра Смаляны, якія прапаноўвалася прадаваць у мясцовым "Еўраопце". На жаль, зараз пра мястэчка з вялікай гісторыяй і шэрагам архітэктурных перлінаў нельга знайсці ніякіх магнітаў, буклетаў, значкоў. А толькі так можна адрадзіць турыстычны патэнцыял Смалянаў, куды прыязджаюць, акрамя беларусаў з розных гарадоў, яшчэ і госці як мінімум з Расеі, Ізраіля і Польшчы.