Наспявае новы скандал у айчынным футболе, звязаны з дамоўнымі гульнямі. Некалькі гадоў таму ў падобную сітуацыю трапілі футбалісты мінскага "Промня", "Ашмянаў" і іншых клубаў. Цяпер раскручваецца новая справа, звязаная з "дагаварнякамі". Па звестках pressball.by, у праваахоўных органаў ёсць нязручныя пытанні да некаторых ўдзельнікаў матчаў 1/16 фіналу Кубка Беларусі сезона-2018/19 "Орша" — "Віцебск" і "Смаргонь" — "Тарпеда" (Мінск). Абедзве сустрэчы завяршыліся паразамі гаспадароў з лікам 0:4. Аршанцы ў тым матчы ані разу не прабілі ў створ брамы віцяблянаў.
Узбуджана крымінальная справа па артыкуле 253 ч.1 "Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў". Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць штраф, пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
У Следчым камітэце і ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) pressball.by у каментарах адмовілі, толькі нагадалі, што асобы, якія добраахвотна звернуцца ў праваахоўныя органы з інфармацыяй аб удзеле ў дамоўных матчах могуць быць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем.
Раней па справе аб "дагаварняках" у футболе былі затрыманыя экс-нападнік зборнай Беларусі Віталь Ланько і яшчэ адзін ураджэнец Магілёва Віктар Баравіцкі.
Нярэдка дагаворныя матчы або подкуп суддзяў прыводзіць да доўгага, а то і пажыццёвага адлучэння гульцоў, трэнераў і функцыянераў ад футболу, а каманды да вялікіх штрафаў, страты ачкоў і нават паніжэння ў лігах. У некаторых краінах удзел у дамоўным матчы прыраўноўваецца да крымінальнай адказнасці. Акрамя Беларусі, скандалы з дамоўнымі гульнямі тычыліся многіх краін, у апошнія гады вялікія скандалы адбыліся ў Італіі і Румыніі. Асобныя іх удзельнікі трапілі за краты. Дарэчы, за падобныя махінацыі ў Беларусі ўжо адбывае тэрмін у калоніі колішні кіраўнік Дэпартамента судзейства Андрэй Жукаў.
Агляд кубкавага матчу "Орша" — "Віцебск".
P.S. Журналістам на дадзеную хвіліну не прадастаўлена інфармацыя, каго канкрэтна з кіраўнікоў або складу ФК "Орша" падазраюць у здачы гульні, і ці выклікалі каго-небудзь на допыт у праваахоўныя органы. Наша рэдакцыя будзе інфармаваць чытачоў аб падзеях, якія адбываюцца ў справе.