Лідар расейскай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Жырыноўскі прапанаваў павярнуць раку Дняпро назад. Змена рэчышча ракі, на яго думку, абязводзіць Украіну, якая абмежавала пастаўкі вады ў Крым, бо самаабвешчаныя крымскія ўлады зусім не плацяць за яе. Жырыноўскі, вядомы сваімі рэзкімі і эксцэнтрычнымі заявамі, лічыць, што воды Дняпра можна скіраваць у Дон або Дзясну. Паводле словаў Жырыноўскага, маскоўскія навуковыя ўстановы (якія лідар ЛДПР, дарэчы, не называе) ўжо займаюцца распрацоўкай гэтага праекту. Губернатар Смаленскай вобласці заявіў, што падтрымае больш хуткую рэалізацыю ідэі, калі ўлады прымуць такое рашэнне.
Дняпро працякае і паўз Оршу. Калі авантурная ідэя Жырыноўскага атрымае жыццё (а гэта будзе супярэчыць усім міжнародным нормам, бо рака толькі пачынаецца ў Расеі, а далей цячэ па Беларусі і Ўкраіне) - гэта выкліча істотныя змены і для нашага горада.
Праекты па паваротах рэк існавалі ў СССР, цяпер існуюць у Казахстане, Кітаі, Расеі і яшчэ некаторых краінах. Праўда, гэта патрабуе велізарных фінансавых выдаткаў. Натуральна, што асноўны інтарэс такіх праектаў - паляпшэнне сітуацыі з пітной вадой у праблемных рэгіёнах, а не звядзенне палітычных рахункаў.