У артыкуле заўзятарскага праекту Orshafans ідзе расповед пра таварыскія гульні аршанскага «Старта» з клубамі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Яны прайшлі ў 1974 годзе ў СССР і ў ГДР. У сваім матэрыяле блогеры напісалі пра склад «Старта» ў тых матчах, а таксама змясцілі фотаздымкі, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся.
Спачатку быў згуляны матч на стадыёне «Лакаматыў» у Оршы з моладзевай камандай Франкфурта-на-Одэры. «Старт» перамог 3:1, галы забівалі Шалатонін і двойчы Ярмошын. Затым ужо стартаўцы паехалі ў ГДР, дзе ў Айзэнгютэнштаце прайгралі 0:2 клубу «Шталь», а ў Зэелаў разышліся нічыёй 1:1 з «Форвертсам» з Франкфурта-на-Одэры. Прычым усходнія немцы адыграліся толькі ў самым канцы паядынку. Гол у аршанцаў забіў Кажамяка.
Сумеснае фота з нямецкай камандай «Шталь» у Айзэнгютэнштаце. Гульцы «Старта» ў верхнім шэрагу. Злева направа ад трэцяга: Кажамяка Міхаіл, Аляксандар Малафееў, Анатоль Дробышаў, Аркадзь Сусман, =імя не адноўлена=, Анатоль Каплун, Валерый Шакуля, Павел Саўчанка, Васіль Коскін, Сяргей Цветнікаў, Леанід Скараходаў, Анатоль Шумскі.
Таксама ў артыкуле напісана, што потым стала з камандамі, з якімі тады гуляў «Старт». Цалкам яго можна прачытаць па спасылцы ў блогу: Аршанскі «Старт» у ГДР у 1974 г. Фота, артыкулы.
Так цяпер выглядае адзін са стадыёнаў, на якім адбыўся адзін з матчаў «Старта» ў ГДР.