Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка зрабіў добрую міну пры кепскай гульні і на мінулым тыдні на сустрэчы прафсаюзаў, ураду і наймальнікаў заявіў, што ў раёнах з нізкім узроўнем заработнай платы ўзровень жыцця, тым не менш, павысіўся. Аднак словы чыноўнікаў застаюцца проста словамі. Фактамі яны не падмацаваныя, наадварот, статыстыка кажа пра адваротнае. Праект finance.tut.by прааналізаваў новыя дадзеныя пра сярэдні заробак па краіне. Пры тым што гэты паказчык не з’яўляецца вызначальным чыннікам у эканоміцы, і ўжо ў кожным выпадку не такім важным, як мінімальная зарплата і памер спажывецкага кошыку.
Сенненскі раён уваходзіць у топ-7 найбяднейшых рэгіёнаў Беларусі. Сярэдні заробак у ім 695,1 рубля. У Лёзненскім, які таксама суседнічае з Аршанскім, заробак усяго 694,7 рубля. І тут жа не забываем, што насамрэч большасць людзей атрымлівае меней за гэтую суму. Бядней за Лёзненшчыну і Сенненшчыну ў Віцебскай вобласці жыве толькі Мёршчына, у гэтым раёне сярэдні заробак на ўзроўні 680,3 рубля, а таксама Шаркоўшчынскі раён. Менавіта ён узначальвае антырэйтынг, гэта найбяднейшы раён краіны з сярэднім заробкам 631,9 рубля.
Няма нічога дзіўнага, што людзі працоўнага веку працягваюць пакідаць Віцебскую вобласць у пошуках працы. Па-ранейшаму назіраецца адток працаздольных людзей у Менскую вобласць і сам Менск, а таксама за мяжу, у Польшчу, Нямеччыну, Расею і іншыя краіны.