Orsha.eu неаднаразова ўзнімаў пытанне пра кепскую экалагічную сітуацыю ў Межаве Аршанскага раёна. У прыватнасці, моцна забруджаная рака Скуп’я, а палі фільтрацыі даўно не функцыянуюць. За паляпшэнне сітуацыі ў вёсцы змагаецца грамадскі актывіст Ігар Грышанаў, які яшчэ ў 2018 годзе накіраваў шэраг зваротаў адносна межаўскіх бедаў. Напярэдадні Грышанаў атрымаў адказ ад Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама і Аршанскага райвыканкама.
З адказу вынікае, што мазут з тэрыторыі былога спіртзавода выдалены, а металічны рэзервуар, у якім мазут знаходзіўся, прыбраны. «Оршаводаканал» пачаў рамонт каналізацыйна-помпавай станцыі (КПС) і ачышчальных збудаванняў. Там ужо прачысцілі падвадныя калектары і прыёмнага аддзялення помпавай станцыі. Акрамя таго, чыноўнікі ў лісце паведамілі, што ўсталявана новае помпавае абсталяванне, і КПС цяпер знаходзіцца ў працоўным стане.
А для ачышчэння біялагічных сажалак была заключана дамова з фельчарска-акушэрскім пунктам аграгарадка Межава. Цалкам магчымая перадача гаспадарчага вядзення «Межава-Агра» і ачышчальных збудаванняў ва ўласнасць Віцебскай вобласці і «Віцебскводаканалу».