Працягваецца праект "Белсат едзе", і напярэдадні журналісты гэтага медыя-сродку завіталі ў Дуброўну. У размовах з журналістам Змітром Міцкевічам дубровенцы ўзгадалі гадзіннікавую фабрыку, якая раней прыносіла славу іх гораду, а таксама шчыра прызнаваліся, якая ў іх зарплата. Вялікую занепакоенасць у шэрагу дубровенцаў выклікае адсутнасць басейну, каб паплаваць, яны мусяць ездзіць у Оршу альбо Александрыю. У Дуброўне басейн абяцалі пабудаваць даўно, у тым ліку пра гэта згадвалі памочнікі Лукашэнкі ў час мінулай перадвыбарнай праграмы, але з таго часу нічога не змянілася, басейну і нават размоваў пра яго сярод чыноўнікаў ужо няма. Безумоўна, найбольш цяжкае пытанне — заработная плата і працаўладкаванне. Заробкі нізкія, і таму многія жыхары Дуброўны, асабліва мужчыны, ужо шмат гадоў працуюць у Расеі, а часам і ў іншых краінах на заробках, не заўсёды забяспечаныя сацыяльна. Працы ж у горадзе і каля яго амаль няма, а тая, што ёсць, звычайна і блізка не ідзе ў параўнанне з тымі грашыма, якія можна зарабіць у Расеі. Таму выбар для дубровенцаў відавочны.
Таксама ў выпуску адзначана, што Дуброўна вельмі змяніўся за апошнія гады, горад сапраўды стаў выглядаць сучасным. Застаецца толькі спадзявацца, што жыць у ім і зарабляць стане лягчэй. Усё ж такі "беларуская Венецыя"!