У Беларусі на 17 лістапада абвесцілі чарговыя парламенцкія выбары. Беларускі парламент вельмі не цікавы, як і выбары ў яго. Прычына ў яго абмежаванасці. Ужо даўно туды не выбіраюць, а прызначаюць пераважна чыноўнікаў, якія аніякіх яскравых і прынцыповых дыскусіяў не праводзяць, а галасуюць за кожны прапанаваны законапраэкт.
Нават увядзенне на мінулых выбарах двух дэмакратычных палітыкаў мала змяніла сітуацыю — з’явіліся кулуарныя дыскусіі і галасы супраць найбольш спрэчных законаў, але ўсё адно парламент застаецца фармальнай структурай з абмежаванымі паўнамоцтвамі і настолькі ж мала цікавы для насельніцтва і журналістаў. Такім чынам на бліжэйшых выбарах асноўнае пытанне, бачна, будзе не тое хто пройдзе ў парламент і колькі там будзе дэмакратаў, а ці пойдуць выбаршчыкі ўвогуле на тыя выбары.
Прапануем вам выказацца на тэму вашага ўдзелу ў выбарах. Гэта можна зрабіць у апытанні на галоўнай старонцы сайта.
У апытанні ўсяго 6 варыянтаў адказу:
1. За кандыдата ад уладаў. Сапраўды, нехта можа прынцыпова галасаваць за кандыдата якога выставіць выканкам. Часцей за ўсё гэта высокія на рэгіянальным узроўні чыноўнікі, якія чамусці ўжо больш у выканкаме не патрэбныя. Гэта найбольш паслухмяныя для ўладаў дэпутаты і хаця яны нічога прынцыпова не вырашаюць, але на ўзроўні выканаўчай улады ёсць не галосны загад, каб мясцовыя чыноўнікі прыслухоўваліся да пытанняў агучаных такімі дэпутатамі. Гэта дае ім хоць нейкую вагу ў грамадстве, хаця такім чынам яны выконваюць не функцыю заканадаўцаў, а пэўнага громаадвода якому любы чалавек можа паскардзіцца на кепскі асфальт ці гарачую ваду.
2. За кандыдата ад апазіцыі. Аб’ектыўна прыхільнікі дэмакратычных арганізацыі ўжо даўно не ходзяць на выбары, ведаючы пра фальсіфікацыі. Але ў некаторых выпадках (напрыклад калі заганяюць на працы ці вучобе) прыхільнікам пераменаў таксама даводзіцца прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, або звычайным выбаршчыкам, якія пратэстна настроеныя.
3. За незалежнага кандыдата. Гэта вельмі ўмоўны кандыдат. Бо ты хто ідуць без падтрымкі ўлады ці апазіцыі альбо ўвогуле не даходзяць да выбараў — не сабраўшы подпісы ці няправільна аформіўшы дакуманты, або выглядаюць вельмі сціпла адносна іншых двух катэгорыяў кандыдатаў. Тым не меньш, запыт на такога «трэцяга кандыдата» ў грамадстве час ад часу заўважны.
4. Яшчэ не вызначыўся. У нармальных выбарах парадку 50% выбаршчыкаў не могуць вызначыцца са сваім выбарам яшчэ, нават, за пару дзён да дня галасавання. У нас — як ужо гаварылася вышэй — пытанне хутчэй пойдзе чалавек галасаваць ці не пойдзе. Але і такі варыянт варты таго, каб прысутнічаць у апытанні.
5. Не пайду на выбары ўвогуле. Сёння не хадзіць на выбары — гэта таксама пэўны пратэст. Напрыклад Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка) ўжо два дзесяцігоддзі заклікае людзей не хадзіць на выбары. Ды і для саміх выбарцаў гэта даволі лагічны адказ на тое, што людзей заганяюць на выбары праз начальства.
6. За каго загадаюць на вучобе/працы. Насамрэч, такіх загадаў, нават, і ў Беларусі не бывае — пры адсутнасці празрыстага падліку галасоў загадваць за каго галасаваць залішняе. Хаця людзі зачастую вераць у існаванне такіх загадаў. Таму пакідаем і такі варыянт у нас на сайце.