Частка жыхароў Оршы патрабавала ад мясцовых чыноўнікаў разабрацца з дошкай, якая праслаўляе арганізатара «чырвонага тэрору», першага кіраўніка Савецкай дзяржавы Уладзіміра Леніна. Дошка, якая змяшчаецца на рагу вуліц Камсамольскай і Леніна на доме па вуліцы Леніна, 14, змяшчае надпіс, у якім Ленін называецца «найвялікшым геніем чалавецтва». У свой час дошку прыбіраць адмовіліся, але для меншай заўважнасці пафарбавалі пад колер дома. І, тым не менш, прыбіраць адмаўляюцца. На электронную петыцыю грамадзяне атрымалі адказ намесніка старшыні аршанскага райвыканкама Калачова.
У адказе чыноўнік спасылаецца на «складаны і супярэчлівы перыяд гісторыі», ідзе адсылка да навукоўцаў, якім «яшчэ трэба будзе даць канчатковую ацэнку ўчынкам Леніна», «неад’емную частку гісторыі» і гэтак далей. Тэкст-ода Леніну названы ў адказе «адлюстраваннем адносін да асобы У.І.Леніна, на якіх было выхавана не адно пакаленне савецкіх грамадзян». Такім чынам, выканкам палічыў немэтазгодным дэмантаж дошкі з дома ў самым цэнтры Оршы. Верагодна, аўтары петыцыі абскардзяць адказ у Віцебскім абласным выканкаме.