Каля тыдня таму "Цэнтар новых ідэй" зрабіў рэйтынг буйных гарадоў Беларусі, паводле яго Орша апынулася на 15-ым апошнім месцы па шэрагу паказчыкаў. Tut.by таксама вырашыў стварыць свой рэйтынг, але больш шырокі - не толькі па вялікіх гарадах, але па ўсіх рэгіёнах краіны. Паводле гэтага рэйтынгу ў Оршы яшчэ не самая горшая сітуацыя - малыя рэгіёны знаходзяцца ў яшчэ горшым стане. Асабліва ў рэйтынгу вылучыўся суседні Сенненскі раён. Але ўсё па-парадку...
Рэйтынг складаўся па чатырох групах паказчыкаў: дэмаграфія (ацэньвалася тое як змянілася колькасць насельніцтва з 2001 па 2019 гады, колькасць насельніцтва пенсійнага ўзросту і колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва), дастатак (сярэдні заробак у 2018 годзе і ўзровень разробнага таваразвароту за 2017 год), эканоміка (працэнт уласных даходаў у мясцовым бюджэце, колькасць малых і мікра арганізацый, чысты прыбытак ці страты арганізацый), інвестыцыі (улічваліся інвестыцыі ў асноўны капітал і асобна прамыя замежныя інвестыцыі).
Падрабязны рэйтынг можна пабачыць тут, а мы сканцэнтруемся толькі на самых цікавых момантах. Сярод суседніх раёнаў найбольшая колькасць пенсіянераў у Сенненскім раёне, а найменьшая ў Горацкім - дае пра сябе ведаць Акадэмія. Сярэдні заробак па раёнах складальнікі рэйтынгу пралічылі з 2005 па першую палову 2019 года, прычым лічылі ў працэнтах ад сярэдняга заробку ў Мінску. У 2005 у Аршанскім і ўсіх суседніх раёнах заробкі ў параўнанні з Мінскімі былі практычна аднолькавымі. У 2010-ым сітуацыя стала горш у Дубровенскім раёне. У 2015 годзе найменьш у параўнанні з Мінскам атрымлівалі (сярод суседніх раёнаў) ужо ў трох суседніх адмін.адзінках: Талачынскім, Сенненскім і Лёзненскім раёнах. У 2018 годзе сітуацыя зноў больш-меньш выраўнялася за выключэннем Шклоўскага раёна - тут заробкі былі большыя чым ў Аршанскім і астатніх суседніх раёнах.
Хаця як вядома Аршанскі раён вымірае, яшчэ горш сітуацыя ў Сенненскім. З 2001 па 2019 гады колькасць насельніцтва тут зменьшылася аж на 38,1%. Па гэтым паказчыку сярод усіх раёнаў Сенненшчына заняла 6 месца. Па колькасці пенсіянераў таксама Сененьшчына ў лідарах сярод усіх суседзяў: 9 месца з 34% ад усяго насельніцтва.