Завод «Лантан» у гарадскім пасёлку Арэхаўск быў уведзены ў працу у 1973 годзе, і ў часы СССР займаўся вытворчасцю керамічных кандэнсатараў. Як і шэраг іншых прадпрыемстваў Віцебшчыны, якія рабілі элементы радыёэлектроннай апаратуры для абароннай прамысловасці, уваходзіў у вытворчае аб'яднанне «Маналіт». Тады на гэтым заводзе, які, па сутнасці, быў 9-м цэхам «Маналіту» працавала 900 чалавек, што складала больш за чвэрць ад насельніцтва пасёлка. Кандэнсатары па савецкай тэхналогіі на прадпрыемстве выраблялі да 2003 года, пакуль яны не апынуліся зусім незапатрабаванымі.
Пасля гэтага асноўнай прадукцыяй завода сталі крэйды, вытворчасць якіх асвоілі яшчэ ў 1996 годзе. У 2008 годзе ў Арэхаўск з «Маналіту» перадалі абсталяванне для вытворчасці керамічнага посуду, і на «Лантане» асвоілі выраб сувенірнай тары для алкагольных напояў. Праз год пачалі вырабляць і мастацкія керамічныя вырабы.
Аднак пры вытворчасці керамікі дапускаўся вельмі вялікі адсотак браку, таму ў 2011 годзе заводу вярнулі чвэрць усіх створаных керамічных вырабаў з-за некандыцыі. Іх прыйшлося драбніць і пускаць у перавытворчасць. У 2011 годзе Міністэрства прамысловасці вылучыла «Лантану» з інавацыйнага фонду прадпрыемству 356 000 000 недамінаваных рублёў на засваенне вытворчасці керамічных электраізалятараў, якія Беларусі даводзілася імпартаваць. У 2012 годзе завод атрымаў у якасці пазыкі 400 000 000 недамінаваных рублёў для стварэння васьмі працоўных месцаў і працаўладкавання на іх беспрацоўных.
Ізалятары змаглі выпусціць толькі доследнай партыяй — як высветлілася, прадпрыемства не можа забяспечыць неабходную якасць гэтых дэталяў. Новыя месцы на заводзе, натуральна, у такім выпадку ствараць не было сэнсу, і бюджэтныя грошы сталіся выдаткаванымі марна, пішуць "ННВ". Пасля гэтага адкрытае акцыянернае таварыства, 100% акцый якога належыць дзяржаве, спрабавалі збыць прыватніку. На продаж «Лантан» выстаўляўся ў 2013 і 2017 гадах, але жадаючых набыць такі актыў не знайшлося.
Памер патрабаванняў крэдытораў складае 960 118 рублёў 38 капеек. Маёмасць ААТ «Лантан» ацэньваецца ў 662 104 рубля 80 капеек, у тым ліку доля ў статутным фондзе ТАА «Маналіт НПМ» коштам 369 022 рублі 14 капеек.