Пра гэта Уладзімір Базанаў заявіў на прэс-канферэнцыі з нагоды візіту прэзідэнта УЕФА (Еўрапейскай федэрацыі футбольных асацыяцый) Аляксандра Чэферына ў Менск. Ён сказаў, што распрацавана праграма, паводле якой паляпшэнне інфраструктуры для дзіцяча-юнацкага футболу пачнецца з буйных гарадоў, сярод якіх Базанаў пералічыў і Оршу.
За пяць з паловай месяцаў на пасадзе старшыні я паспеў наведаць усе рэгіёны нашай краіны. Цяжкасцяў хапае. Але мая праграма, калі я балатаваўся на пасаду кіраўніка БФФ, якраз заключалася ў тым, каб звярнуць увагу на дзіцяча-юнацкі футбол. Гэтая праблема спалучаецца і з развіццём інфраструктуры. Праграма распрацавана так, што пачынаць варта з вялікіх гарадоў. Такіх як Баранавічы, Барысаў, Маладзечна, Орша, Полацк. Усюды павінна быць міні-поле 20 на 40. Патлумачу. Ёсць, напрыклад, Віцебск. Там ёсць два такія палі плюс 40 на 60. Калі ні едзеш, да позняга вечара бачыш, як гуляюць дзеці. І каб мы мелі высакакласных футбалістаў, у вышэйшай лізе і ў нацыянальнай зборнай, трэба надаць гэтаму вялікую ўвагу. Важна, што мы ведаем, над чым працаваць.
На гэтым тыдні Orsha.eu звяртаў увагу на вялікія праблемы ў спартовай галіне, у прыватнасці, на занядбанасць шэрагу футбольных палёў. Чытайце артыкул "Што нарабілі са спортам?"