Блог Orshafans апублікаваў чарговае інтэрв’ю з вядомым спартоўцам мінулага. Валерый Шакуля праславіўся ў аршанскім «Старце». Яго ў футбол прывёў бацька, які быў даволі знаным у горадзе футбалістам, гуляў за «Лакаматыў». Там сама пачаў кар’еру і сын Валерый. Але ў складзе чыгуначнікаў Валерый Шакуля правёў толькі два матчы, пасля чаго Рувім Аўцын запрасіў яго ў наймацнейшую каманду горада — «Старт». Але гуляў Шакуля не толькі ў футбол, ён стаў прызнаным майстрам і ў хакеі з мячом, у якім аршанцы доўгі час заваёўвалі трафей за трафеем. Валерый Шакуля ўзгадаў свае футбольныя сустрэчы з самім Аляксандрам Пракапенкам, паядынкі чэмпіянату СССР па хакеі з мячом, паездку ў ГДР на серыю таварыскіх матчаў, якая была роўна 45 гадоў таму і многае іншае. Цалкам інтэрв’ю можна прачытаць па спасылцы.
Футбалісты аршанскага «Старта» ў футбольным міні-турнэ па ГДР. 1974 год