Футбалісты "Оршы" стварылі нечаканы вынік на выправе ў Рэчыцу. Там яны сустракаліся з адным з лідэраў сёлетняга чэмпіянату рэчыцкім "Спадарожнікам". У Рэчыцы ўжо раздаюцца фразы пра гатовасць да Вышэйшай лігі. У гэтым чэмпіянаце зялёна-белым ужо не ўдасца прабіцца ў эліту, а вось у наступным годзе гэтая задача можа быць пастаўлена канкрэтна, пры захаванні адпаведнага фінансавання. Аршанцы, як звычайна, каманда вельмі сярэдняга бюджэту і не прэтэндуе на павышэнне ў класе. Перад матчам у Рэчыцы сіня-белыя разглядаліся як аўтсайдэр пары.
Доўгі час такі статус аршанцаў пацвярджаўся. Яны практычна не стваралі небяспечных момантаў ля брамы супернікаў,а вось гаспадары поля сапраўды мелі некалькі шанцаў. На першай кампенсаванай да першага тайму хвіліне рэчычане адкрылі лік. Праз дзесяць хвілін пасля перапынку лік быў падвоены. Прыгожы мяч Аляксандра Кучарава галавой пасля розыгрышу кутнага скараціў адставанне аршанцаў, аднак праз паўтары хвіліны "Спадарожнік" забіў ізноў. Лік 3:1, здавалася б, не даваў аршанцам асаблівых надзей. Відаць, адчуўшы блізкасць вікторыі, рэчыцкая каманда рэзка спыніла актыўныя дзеянні. А вось каманда Сяргея Вехцева ўсвядоміла, што час яшчэ ёсць і пайшла наперад. Вельмі важным аказаўся момант на 76-й хвіліне, калі падчас маланкавай атакі "сіня-белых" абаронца "Спадарожніка" няўдала згуляў нагой у падзенні і даслаў мяч ва ўласную браму. Цэлых 14 хвілін без уліку кампенсаваных да канца сустрэчы. Гэтага часу ў футболе парой дастаткова, каб забіць нават не адзін гол.
Аршанцам пашанцавала, ужо на 79-й хвіліне атака прынесла плён, голам вызначыўся Дзмітрый Іваноў. Нічыя! У астатнія хвіліны і гаспадары, і госці мелі мінімум па адной магчымасці забіць, аднак тут не пашчасціла нікому. Баявая нічыя з рэдкім лікам 3:3.
<iframe width="640" height="400" src="https://www.youtube.com/embed/GfWMNzkV4cA" frameborder="0" allow="accelerometer; autoplay; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture" allowfullscreen></iframe>