Пачатак чэмпіянатаў у дывізіёнах Б сярод мужчынскіх і жаночых каманд быў няўдалым як для "Узлёта", так і для "Кацюшы". Аднак напярэдадні аршанскія валейбалісты святкавалі першыя ў сезоне перамогі. "Кацюша", складзеная з таленавітых, але пакуль яшчэ юных аршанскіх валейбалістак, сёлета не заяўляе высокіх мэтаў. Каманда Ганны Балабанавай і Уладзіміра Падгола імкнецца проста ўзяць неабходны досвед і праверыць свае сілы. А потым, калі валейбалісткі павысяць сваё майстэрства, можна будзе ставіць і больш высокія задачы. Перамога над СДзЮШАР ВК "Мінск" стала першай перамогай "Кацюшы" ў гісторыі клуба ў афіцыйных матчах — 3:1 (25:23; 25:22; 23:25; 25:22). У кожнай партыі ішла вострая барацьба, але аршанкі аказваліся крыху мацнейшымі за сталічных суперніц.
"Узлёт" таксама прымаў СДзЮШАР ВК "Мінск". З калектывам супернікаў "Узлёт" справіўся без відавочных праблем, хіба ў адным сэце адчуўшы сапраўдную трывогу за канчатковы вынік — 3:0 (25:21 25:15 25:20).
У канцы гэтага тыдня "Кацюша" матчаў не мае, а вось "Узлёт" адправіцца ў Менск на матч з РДУАРАМ-2003. Паядынак пройдзе 9-га лістапада а 16:00.