У суботу, 9 лістапада на Гарадскім стадыёне Оршы адбудзецца паядынак 28-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў Першай лізе. Згуляюць "Орша" і "Белшына" з Бабруйска. Каманда гасцей ужо датэрмінова забяспечыла сабе ўдзел у Найвышэйшай лізе на наступны год. Аршанцы змагаюцца ў гэты месяц выключна за свой прэстыж, папярэдні паядынак у Рэчыцы сіня-белыя выратавалі з ліку 1:3 на нічыю 3:3.
Паводле статыстыкі супрацьстаянняў аршанскай і бабруйскай каманд, якую прыводзіць блог фанатаў "Оршы", першы матч паміж імі адбыўся ў чэрвені 1962 года — 57 гадоў таму. Цікава, што тады бабруйская каманда называлася... "Стартам", а аршанская каманда стане "Стартам" толькі праз тры гады, а тады аршанскія футбалісты насілі назву "Машынабудаўнік". Той паядынак адбыўся ў Оршы, і аршанцы перамаглі сваіх праціўнікаў 3:1. Але далей матчы складваліся пераважна на карысць бабруйчан. У чэмпіянатах і кубках незалежнай Беларусі "Орша" і "Белшына" правялі 8 матчаў, з іх толькі аднойчы аршанцам удалося перамагчы, а 6 сустрэч скончыліся вікторыямі "Белшыны".
Матч "Орша" — "Белшына" адбудзецца 9-га лістапада на Гарадскім стадыёне Оршы і пачнецца а 16:00.