Досыць нечаканы вынік прынёс матч 11-га туру чэмпіянату Беларусі па міні-футболе, у якім аршанскі "Вітэн" сустракаўся з менскай "Сталіцай". Ужо на 3-й хвіліне аршанцы выйшлі наперад дзякуючы голу Гусакова, які вярнуўся са зборнай краіны. На 16-й хвіліне Гусакоў асіставаў, а Козел забіваў - 2:0! З гэтым лікам каманды пайшлі на перапынак. Пасля адпачынку "Сталіца" не толькі не выправіла становішча, але і зусім развалілася. Аршанцаў было не стрымаць! На 30-й хвіліне літаральна з прамежкам у некалькі секунд Козел і Пятроў адправілі два мячы ў браму "Сталіцы". Праз пяць хвілін Козел аформіў хэт-трык, а за дзве хвіліны да канца сустрэчы Рось з перадачы Чарніенкі паставіў кропку ў матчы — 6:0 на карысць "Вітэна"!
<iframe width="600" height="400" src="https://www.youtube.com/embed/pmPZBGwZSOQ" frameborder="0" allow="accelerometer; autoplay; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture" allowfullscreen></iframe>
Аршанская каманда ўзначаліла табліцу ўпершыню ў гэтым сезоне! Энергетыкі набралі ўжо 26 пунктаў, у гомельскай БЧ 25, у яшчэ аднаго гомельскага клуба ВРЗ 23. "Сталіца" мае 22 пункты. У лік прэтэндэнтаў на медалі можна запісаць таксама сталічны "Дарожнік", у якога 21 пункт і "Барысаў-900" - 20 пунктаў. Астатнія каманды ўжо грунтоўна адсталі. Аднак нельга забываць, што размеркаванне медалёў адбудзецца не па выніках двухколавага турніру, а ў плэй-оф, пары якога будуць сфармаваныя па выніках класічнага розыгрышу. Далей каманды будуць гуляць серыі на выбыванне. Аднак да гэтага яшчэ далёка, яшчэ не скончылася й першая палова класічнага турніру.