Футбольны клуб "Орша" на новы сезон можа заявіцца пад гістарычнай назвай "Старт". Папярэдняе рашэнне ўжо знаходзіцца на разглядзе ў выканкаме. Гэта пацвердзіў і сайт аўтарытэтнай беларускай спартовай газеты "Прессбол", які напісаў пра такую магчымасць.
Праўда, ёсць і кепскія навіны для аматараў футболу. Як наш сайт паведамляў раней, зараз нехта з футбалістаў "Оршы", верагодна, ужо былых, падазраецца Следчым камітэтам у здачы матчаў і ўдзелу ў іншых "шэрых схемах". Хто гэта канкрэтна і пра якія менавіта матчы вядзецца гаворка, яшчэ належыць высветліць. Чакаецца, што неўзабаве Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футболу апублікуе імёны ўсіх фігурантаў гучнай крымінальнай справы, магчыма, нехта будзе ўзятыя пад варту. Заўзятары розных каманд, чые футбалісты западозраны ў несумленнай гульні, лічаць, што з-за 1-2 чалавек клуб караць нельга, яму і так дастаткова ганьбы ад падобных дзеянняў яго членаў.
Пры гэтай кепскай навіне інфармацыя пра вяртанне "Оршы" гістарычнай назвы "Старт" гучыць сапраўды станоўча і аптымістычна. У кулуарах кажуць, што дакументы на вяртанне назвы "Старт" рыхтуюцца асабіста першым намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Пацам, які любіць футбол і раней часта наведваў матчы каманды. "Стартам" аршанская каманда, заснаваная ў 1951 годзе, называлася большую частку існавання. З ёй асацыююцца і галоўныя дасягненні каманды, напрыклад, у 1971 годзе "Старт" пад кіраўніцтвам Рувіма Аўцына і з зоркамі каманды Генадзем Галубовічам, Леанідам Барэйшам, Віктарам Доўгім, Анатолем Шумскім, Аркадзем Сусманам, Віктарам Жаўно і іншымі стаў 4-м у чэмпіянаце БССР, саступіўшы бронзавыя медалі толькі па дадатковых паказчыках. Праз некалькі гадоў тое, што не ўдалося "Старту", атрымаецца ў "Тэмпа" з Барані. Акрамя таго, "Старт" даходзіў да фіналу Кубка БССР. Пытанне па вяртанні назвы "Старт" аршанскай футбольнай камандзе падымалася і ў папярэднія гады, але тады не знаходзіла водгуку ў выканкаме, рашэнне пытання адкладалася. Цяпер робяцца рэальныя крокі.