На пачатку кожнага года ў Оршы адбываецца вялікі шахматны турнір, які ўключае ў сябе гульні шахматыстаў розных узростаў і рэйтынгаў. Сёлета ў турніры з нормай міжнароднага гросмайстра перамог расеец Вадзім Маісеенка, ягоны суайчыннік Уладзіслаў Наздрачоў заняў 3-ю пазіцыю, а срэбра дасталося беларусу Дзянісу Лазавіку. Турнір з нормай міжнароднага майстра выйграў таксама прадстаўнік Расеі Ілля Макавееў, срэбра дасталося шахматысту з Украіны Дзмітрыю Кананенку, а масяжовы медаль у Кацярыны Голцавай з Расеі. Беларусы ў гэтым турніры да медалёў не дабраліся.
У адкрытым турніры "А" перамогу атрымаў Надар Ларткіпанідзэ з Грузіі, аршанцы Міхей Навуменка і Міхаіл Спіжарны занялі, адпаведна, 13-е і 17-е месцы. Усе вынікі, а таксама больш фотаздымкаў можна паглядзець на сайце openchess.by.