На турніры Meeting d'athletisme Mondeville ў Францыі аршанец Віталь Парахонька стаў другім у забегу на 60 м з бар'ерамі. Там жа яшчэ адна беларуска Крысціна Ціманоўская заваявала «срэбра» у забегу на 60 м, пераадолеўшы дыстанцыю за 7,23 сек. У прэс-службе БФЛА адзначылі, што дадзены час для Крысціны Ціманоўскай - лепшае, якое калі-кольвек паказвала беларуска на замежных спаборніцтвах у зімовых сезонах.
Там жа, у Францыі, але ўжо на іншым міжнародным турніры, а менавіта Meeting de Paris, другое месца заняла Аліна Талай. У фінальным забегу беларуска пераадолела 60 м з бар'ерамі за 7,97 секунды. Аршанка прадэманстравала лепшы вынік сярод еўрапейскіх спартсменак у бягучым зімовым сезоне.
Варта адзначыць, што і Парахонька, і Талай — выхаванцы аршанскага трэнера Аляксандра Гуціна. Менавіта пры ім яны сталі спартоўцамі ўзроўню нацыянальнай зборнай.