Цуды здзяйсняюцца. У Барысаве 21-га сакавіка здавалася, што ўжо нішто не ўратуе аршанскі міні-футбольны клуб. "Вітэн" саступаў у ліку ўжо на 4-й хвіліне, а на 15-й лік на карысць "Барысава-900" стаў 4:1! Толькі Дзядзічкін забіў адзін "аршанскі" гол. Аднак нават з такога становішча "энергетыкі", як выявілася, умеюць выкараскацца. За апошнія пару з паловай хвілін першага тайму "Вітэн" намаганнямі Пятрова і Казла скарачае адставанне да мінімальнага.
У другім тайме у "Барысава-900" не хапіла сілаў. Чым і скарыстаўся "Вітэн", чырвона-чорных было не стрымаць. На 5-й хвіліне другога тайму лік стаў роўным пасля ўдару Пятрова, а затым мячы пасыпаліся ў сетку за спінай Пракапца, які замяніў Давідовіча ў браме на 32-й хвіліне. Якубаў, двойчы Рось і Чарніенка падагульнілі справу сваімі галамі. Перамога "Вітэна" 8:4. Акрамя таго, апошнія чатыры хвіліны барысаўчане гулялі без выдаленага за пазбаўленне яўнай магчымасці забіць гол футбаліста.
Пасля 20 тураў чэмпіянату "Вітэн" апярэджвае БЧ на 1 пункт і ўзначальвае табліцу.