Абаронца Аляксей Казлоў абвінавачваецца следствам у тым, што браў у спадароў Ланько і Баравіцкага, якія фігуруюць у справе як арганізатары дагаварных матчаў, грошы на "забеспячэнне патрэбнага выніку". Пад падазрэнне трапілі матчы "Оршы" супраць "Энергетыка-БДУ" (5.05.2018, 0:4) і параза ад "Віцебска" ў Кубку Беларусі з тым жа лікам, якая мела месца 24.07.2018. За першы матч Казлоў атрымаў 6 тысяч даляраў, за другі 7,5 тысяч. Пры гэтым з прынцыповымі супернікамі "Оршы" віцяблянамі Казлоў на поле не выходзіў. Гэта дазваляе меркаваць самае жудаснае — грошы маглі быць дадзеныя іншым футбалістам каманды за "патрэбны" махлярам вынік. Але пакуль ніхто з іншых гульцоў "Оршы" складу 2018 года на лаве падсудных не апынуўся, следства лічыць даказаным толькі ўдзел Казлова ў дагаварных сустрэчах.
Сам Казлоў на другое пасяджэнне суда Маскоўскага раёна Менска не з'явіўся, спаслаўшыся на хваробу. Суд вырашылі працягваць без яго. Але ў наступных слуханнях Казлова яшчэ будуць дапытваць, там і могуць высветліцца падрабязнасці. Таямнічымі фігурамі ў справе з'яўляюцца два расейцы, якія, верагодна, і ёсць лялькаводамі. Гэта неназваны фігурантамі Ланько і Баравіцкім расеец, ад якога яны атрымоўвалі грошы на арганізацыю падстаўных футбольных матчаў, а таксама экс-абаронца "Гомеля" Дзмітрый Айдаў, які хаваецца ад следства на сваёй радзіме і якога падазраюць ва ўдзеле і арганізацыі шэрагу дагаварных гульняў.